
Будынак нашай дашкольнай установы размяшчаецца па вуліцы, якая названа ў гонар народнага паэта Беларусі Петруся Усцінавіча Броўкі. Пятрусь Броўка…. Гэтае імя даўно ўвайшло ў гісторыю. Без творчасці Петруся Броўкі немагчыма ўявіць шляхі і тэндэнцыі развіцця беларускай паэзіі, увогуле гісторыю ўсёй нашай нацыянальнай літаратуры XX ст. У савецкі час П.Броўка быў шырокапрызнаны пісьменнік: яму былі нададзены званні народнага паэта Беларусі, Заслужанага дзеяча навукі БССР, прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы, ён стаў акадэмікам навук БССР, лаўрэатам Ленінскай прэміі, П.Броўка займаў адказныя пасады ў пісьменніцкіх саюзах. Шмат гадоў узначальваў выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», якое стваралася пры яго непасрэдным удзеле і з'явілася значнай падзеяй у духоўна – культурным жыцці рэспублікі. Паэзія Петруся Усцінавіча ўвабрала ўсе лепшае з гісторыі і культуры народа.

Пятрусь Броўка нарадзіўся ў в. Пуцілкавічы на Ушаччыне. Гэты край даў беларускай літаратуры такіх вядомых мастакоў слова, як В. Быкаў, Р. Барадулін, Е. Лось, С. Законнікаў. З маленства Пятрусь зведаў цяжкую працу, няпростае чалавечае жыццё, хараство роднай прыроды. На навучанне ў сям'і не хапала сродкаў. З трынаццаці гадоў Пятрусь пачаў працаваць: быў перапісчыкам у валасным ваенным камісарыяце, справаводам у выканкоме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй сельсавета. З 1927 г. ён - адказны сакратар газеты "Чырвоная Полаччына" і адначасова кіраўнік мясцовай філіі "Маладняка". Менавіта ў гэтай газеце з'явіліся першыя вершы Броўкі. Неўзабаве ён пакінуў Полацк: прага да ведаў, жаданне пашырыць сваю адукацыю прывялі яго ў 1928 г. на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта. Паэзія П.Броўкі – гэта голас нашага сучасніка, якога хвалююць пытанні вайны і міру, жыцця і смерці, любові і нянавісці.
свернуть